Валянцін Мацкевіч (matskevich_valj) wrote in gerby_belarus,
Валянцін Мацкевіч
matskevich_valj
gerby_belarus

Анатоль ЦІТОЎ Беларуская прыватная геральдыка (частка 2)


Той жа аўтар летапісу крыху вышэй прыводзіць доказы мясцовае знаці супраць Гарадзельскае вуніі: «..Ляхове не былі шляхтай, але былі людзі простыя, яны ня мелі гербаў сваіх і вялікімі дары таго даходзілі ад чэхаў... і шляхтай іх пачынілі і гербы сваі ад іх прынялі, але мы шляхта старая, рымская (...)... не патрабуем жадных інных гербаў новых, але трымаемся старых сваіх, што нам продкі заставілі» (ПСРЛ, т. 32, стар. 153).

Пакідаючы на сумленьні аўтара «рымскае» паходжаньне нашае шляхты, адзначым, што згадка пра старыя гербы зусім слушная. Гэта і ёсьць менавіта тыя эмблемы-сымбалі першаснага пласта, якія былі ў шырокім ужытку ва ўсіх колах тагачаснага грамадзтва і паступова пачыналі ставаць правадзейнымі гербамі ў магнацка-шляхоцкім асяродзьдзі.

Сярод найбольш стара-жытных прыватных гербаў, што фігуруюць у летапісах, адзначаюцца наступныя: Кітаўрус (кентаўр), Ружа, Калюмны, Урсын (ад лац. ursus «мядзьведзь»), а такеама Пагоня (гл. ПСРЛ, тт. 32, 35). Гэтыя гербы захаваліся на нашай тэрыторыі ў якасьці як прыватных, гэтак і дзяржаўных (Пагоня). Сярод вышэйпералічаных Урсын сустракаецца найбольш эпізадычна. Нам здаецца, што зьяўленьне згадак пра яго ў гэтак званых «беларуска-літоўскіх» летапісах ёсьць вынікам рэдактарскае працы жмудзкіх ідэолягаў, якія імкнуліся такім чынам далучыць Жмудзь праз уключэньне яе зямельнага герба — мядзьведзя — у агульнае рэчышча гісторыі й геральдычнае традыцыі ВКЛ.

Што да астатніх згаданых гербаў, дык яны былі широка вядомыя ў «кармазынавым» саслоўі [1]. Вядомы герб Калюмны, якім, паводле сьведчаньня Я. Длугаша, «Вітаўт кляйміў сваіх коней», належаў у XVII ст. і Лаўрыну Фядзюшку, падстаросту берасьцейскаму.

Славуты герб Кентаўр, якім карысталіся Гальшанскія й Гедройцы, быў і ва ўжытку некаторых прадстаўнікоў дробнае шляхты. Захавалася прашэньне 1887 г. мазырскага павятовага лекара Фэліцыяна Язэпа Дзяржынскага аб далучэньні да роду й выданьні пасьведчаньняў аб дваранстве дзецям ягонага роднага брата — нябожчыка Эдмунда (у тым ліку і «славутаму» Фэліксу- Руфіну) (Нац. архіў, ф. 319, воп. 2, спр. 911, арк. 213). Гэты дакумэнт засьведчаны пячаткаю просьбіта з выяваю кентаўра, але ж род Дзяржынскіх афіцыйна карыстаўся гербам Самсона! Нам здаецца, што гэта ня проста выпадак, а хутчэй адлюстраваньне пэўнага дуалізму сымбаляў, які існаваў у Беларусі яшчэ ў XIX- ст.

Калі рэцыдывы гэтае зьявы сустракаліся ў канцы XIX ст., дык у XVXVI стст. яна была звычайная. Унутрыпалітычныя зьмены ў грамадзтве, якія адбыліся зь перамогаю контррэфармацыі, нэгатыўна адбіліся на захаванасьці гербаў, што паходзілі са старажытных тутэйшых клейнаў. Цалкам яны ніколі не былі выціснутыя, частка зь іх нават была адаптаваная і ўвайшла ў агульную скарбонку гербаў Рэчы Паспалітае. Да гэтых гербаў належаць гербы Корсакаў, Пацеяў і інш. Аднак бальшыня старажытных гербаў-клейнаў была выціснутая з абыходу. Прычына ў тым, што носьбіты гэтай эмблематыкі праваслаўныя й пратэстанты, пераходзячы ў каталіцка-ўніяцкае вызнаньне, адначасова мянялі й сымбалічны антураж. Прадстаўнікі шляхоцкага саслоўя, імкнучыся замацавацца ў прывілеяваным стане, сьвядома ці падсьвядома адмаўляліся ад старых «ЗНАМЕНАЎ» і пераходзілі да новых.

Гэты працэс узмацніўся пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі. Пецярбурскія ўлады ў 70—80 гг. XVIII ст. наладзілі перагляд шляхоцкай годнасьці і правоў прадстаўнікоў «кармазынавага» саслоўя. У суды падаваліся дакумэнты й пасьведчаньні пра шляхоцкае паходжаньне. Таму ў судовых кнігах гэтага пэрыяду можна часта спаткаць дакумэнты пад назвай «Актыкацыя радавітасьці...», «Акт генэалёгіі...» і падобныя.

Яшчэ больш жорстка расейскія ўлады пачалі дзейнічаць падчас паўстаньня 1831 г., калі быў выдадзены ўказ (19.10.1831 г.), паводле якога асобы, якія ня здолелі пісьмова даказаць сваё шляхоцтва, пераводзіліся ў аднадворцы ці мяшчане. Зразумела, пачаліся пошукі пісьмовых сьведчаньняў, і тут не апошнюю ролю адыгралі працы геральдыстаў мінулых стагодзьдзяў.

На пачатак XIX ст. ужо існавала даволі шматлікая геральдычная польскамоўная літаратура, рэпрэзэнтаваная працамі Барташа Папроцкага (XVI ст.), Шымона Акольскага, Альбэрта Віюка Каяловіча (абодва XVII ст.), Каспэра Нясецкага, Войцеха Вялядкі (абодва XVIII ст.). Названыя і іншыя аўтары былі шырока вядомыя на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і да іхных працаў як да апошняй інстанцыі пачалі актыўна зьвяртацца, асабліва тыя, хто ня меў надзейных пісьмовых дакумэнтаў.

Зразумела, знаходзячы там свае прозьвішчы, яны рабілі і гербы, якія належалі іншым носьбітам гэтых прозьвішчаў. Такім чынам адбылася шырокая замена гербаў У асобаў, зацьверджаных у дваранстве расейскімі ўладамі. Тыя ж роды, што былі пераведзеныя ў аднадворцы ці мяшчане, увогуле страцілі правы як на «знамена» першага пласта, гэтак і на гербы. Рост адукацыйнага ўзроўню насе.льнщтва, скасаваньне саслоўнага падзелу звузілі рэпрэзэнтацыйна-«спажывецкія» функцыі герба, пакінуўшы яму ўжо ў канцы XIX ст. толькі дэкаратыўную ролю. Але гэта не памяншае значэньня герба, з аднаго боку, як найкаштоўнейшай гістарычнай крыніцы, а з другога — як стрыжня ў самавызначэньні й самапавазе асобы, якой ён дастаўся воляю гісторыі.

Нягледзячы на гэткі лес, беларуская прыватная геральдыка даволі багатая. Калі ў Полыпчы налічваецца каля 200 гербаў, дык у Беларусі гэтую лічбу можна падвоіць альбо патроіць, часткова і коштам пласта папярэдніх гербаў. Адзначым для параўнаньня, што ў Германіі колькасьць гербаў пераўзыходзіць дзьвесьце тысячаў.

Беларуская геральдычна-эмблематычная спадчына ўмоўна падзяляецца на дзьве асноўныя трупы. Да першай адносяцца гербы з эмблемамі, матываванымі самой прыродай. Адпаведна з такой клясыфікацыяй вылучаюцца наступныя падгрупы: антрапаморфавыя, зааморфавыя, куды ўваходзяць выявы прадстаўнікоў як рэальнага, гэтак і міталягічнага сьвету; фітаморфавыя гербы, на якіх адлюстраваліся расьліны; гербы з выявамі нябесных целаў.

Другая група ўключае ў сябе выявы ўсяго, што створана рукамі чалавека. Найбольш улюбёныя сымбалі гэтае групы — стрэлы, мечы, крыжы, падковы, прадметы побыту і г. д.

У чыстым (асобным) выглядзе эмблематычныя выявы сустракаюцца ня вельмі часта. Як правіла, гэтыя гербы ўяўляюць сабой спалучэньне двух (радзей трох ці болей) розных прадметаў альбо абстрагаваных сымбаляў.

Мова геральдыкі, дзякуючы ейнай алягічнасьці, алегарычнасьці й абстрагаванасьці, будзе нараджаць шмат вэрсіяў  тлумачэньня,  але  назаўсёды застанецца закрытай для поўнай расшыфроўкі. Лягчэй уявщь агульную карціну разьвіцьця гэтага фэномэну, чым даць расшыфроўку асобных дэталяў.

Сымбаль ёсьць строга індывідуальны камунікацыйны знак, які ня можа быць у такім сьціслым выглядзе адлюстраваны іншымі сродкамі (напр., пісьма). Ен акумулюе ў сабе элемэнты надгістарычныя, якія не падлягаюць зьменам у храналягічнай прасторы. Эмблематычна геральдычная сымболіка пры значнай кансэрватыўнасьці таксама зазнавала зьмены. На гэтыя працэсы уплывала, поруч зь індывідуальнымі цнотамі ўладальніка, таксама і асяродзьдзе, у якім ён знаходзіўся, хрысьціянская ідэялёгія, культурны і адукацыйны цэнз, нарэшце, жыцьцёвы шлях асобы і г. д. У пэўнай ступені мадыфікаваўся ня толькі вонкавы выгляд герба, але й алегарычны сэнс эмблемы. Камунікацыйныя функцыі герба палягаюць ня толькі на наяўнасьці пэўнай эмблемы, але і на колерах — як эмблемы, гэтак і поля герба. Акрамя гэтага, форма тарку, прылбіцы, кляйнота і іншых дэталяў таксама нясуць пэўны пласт інфармацыі пра ўладальніка. Ключом для зразуменьня гэтае мовы можа быць імкненьне ўладальніка герба, з аднаго боку, вылучыць сябе з шэрагу сабе падобных праз падкрэсьленьне сваіх індывідуальных фізычных і псыхалягічных годнасьцяў (магчыма, чыста ўяўных), з другога акрэсьліць сваю прыналежнасьць да пэўнага болып ці менш замкнёнага асяродзьдзя.

Да вывучэньня геральдычнае спадчыны нельга падыходзіць павярхоўна. Геральдысты XVIXVIII стст. зафіксавалі вялікую колькасьць сучасных ім гербаў, але, не разумеючы мовы сярэднявечнай сымболікі і часта жадаючы дагадзіць уладальнікам гербаў, пачалі тлумачыць генэзу гербаў рознымі легендамі ды байкамі. Гэтая акалічнасьць вымушае сёньняшніх дасьледнікаў ставіцца да іхных зьвестак вельмі абачліва.

Акрамя прыватнай, мы маем вельмі багатыя і цікавыя пласты зямельнае, мескае, цэхавае і канфэсійнае геральдыкі. Але гэта тэма асобнае размовы.

 

Часопіс Спачына, № 3, 1995 г.



[1] Так часам называлася прывілеяванае саслоўе — шляхта —  за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмнавішнёвы) колер адзеньня. Іншым саслоўям не дазвалялася выкарыстоўваць гэты колер у вопратцы. Цікава адзначыць, што, калі шляхоцтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі «няпэўны кармазын».


Subscribe

  • Гербы на літару Я.

    Герб Ястрабец Герб Ясеньчык Герб прыналежыў родам: Абуховіч, Абухоўскі, Анісовіч, Асавецкі, Багурскі, Бельскі, Бурскі,…

  • Гербы на літары Т - Ю.

    Герб Юноша Герб прыналежыў родам: Амяцінскі, Аранскі, Арлоўскі, Банькоўскі, Баран, Баранцэвіч, Барановіч, Бараноўскі, Баркоўскі,…

  • Гербы на літары Р, С

    Герб Сыракомля Герб прыналежыў родам: Адорскі, Андраноўскі, Андрушкевіч, Асоска, Банькоўскі, Барайовіч, Бейнар, Бічэўскі, Булгак,…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments