Валянцін Мацкевіч (matskevich_valj) wrote in gerby_belarus,
Валянцін Мацкевіч
matskevich_valj
gerby_belarus

Cымболіка й геральдыка Полацкае дзяржавы ў Х—ХV стст. (працяг)


З прыведзеных прыкладаў вынікае, што ў разгляданы час (канец ХІІІ — другая палова ХІV ст.) выява набывае такую рысу, як спадчыннасць. Ёй карыстаюцца прадстаўнікі ўладзіміра-суздальскіх, смаленска-полацкіх ці галіцка-валынскіх Рурыкавічаў, а пасля іх (у Галіцка-Валынскім княстве) — прадстаўнікі мазавецкіх і польскіх Пястаў ці венгерскіх Андэгавенаў. Спадчыннасць — адная з галоўных рысаў працэсу геральдызацыі або ператварэння пэўнай выявы ці эмблемы ў герб. Пакладзены на тарчу леў паступова ператвараецца ў сапраўдны (дынастычны, зямельны, дзяржаўны) герб Русі.

Характэрна тое, што ў другой палове — канцы ХІV ст. выяву лява пачынаюць ужываць і тыя Гедымінавічы, якія асядаюць на Русі. Першым гэта зрабіў луцкі князь Любарт Дзмітры Гедымінавіч (каля 1366 г.) [49. S. 255, fig. 305]. Як можна меркаваць, выява лява, які ідзе, на ягонай пячатцы сымбалічна падкрэслівала пераемнасць улады з галіцка-валынскімі Рурыкавічамі і замацоўвала правы на луцка-ўладзімірскую частку Галіцка-Валынскага княства. Гэта сведчыць пра тое, што леў дакладна ўспрымаўся ў той час як дынастычна-зямельны і дзяржаўны сымбаль.

З пачатку 80-х гг. ХІV ст. выява вядома як дзяржаўны сымбаль Полацка. Звязана гэта было са спробай абвяшчэння Вялікага Княства Рускага з цэнтрам у Полацку ці, дакладней, Вялікага Княства Полацкага (ВКП). Ідэя стварэння апошняга належала князю Андрэю Альгердавічу [не маюць рацыі тыя беларускія даследнікі, якія гавораць аб прэтэнзіях князя Андрэя Альгердавіча на сталец ВКЛ (30. С. 126; 35. С. 77). Больш блізкім да ісціны быў М. Ермаловіч (72. С. 72). На наш погляд, як рэалізацыю ідэі ВКП трэба разглядаць існаванне ў 1432—1435 гг. Вялікага Княства Рускага з цэнтрам у Полацку (35. С. 96—99)]. Першы раз ён згадваецца ў 1342 г., калі бацька па просьбе пскавічоў пасадзіў яго служылым князем у Пскове [39. S. 67]. З 1349 па 1387 г. ён быў князем полацкім. Дзейнасць яго на полацкім пасадзе можна падзяліць на два этапы — да смерці бацькі ў 1377 г. і пасля яе. На першым этапе ў 1349—1377 г., як служылы полацкі князь, Андрэй дзейнічаў у рамках палітыкі бацькі — вялікага князя літоўскага Альгерда. Пасля яго смерці і прыходу да ўлады ў ВКЛ зводнага брата Ягайлы Якава, князь Андрэй Альгердавіч не падпарадкаваўся яму, а зрабіў спробу ператварыць Полацк у самастойнае Вялікае княства. Пра гэта сведчыць выкарыстанне ім і ягонай жонкай у 80-я г. ХІV ст. тытулу вялікага князя [«Се аз княз велики Андрей Олгердович полоцко...» (1381) (29. С. 43, № 6), «ПЕЧ[а]ТЬ КНЯГИНИ ВЕЛИКО[й] АНЬДРЕЕВЪ ОЛ...» (1387—1389) (55. С. 133, № 2). На полацкім Евангеллі ХІІ ст. з троіцкага манастыра: «А се яз великий князь Андреи Полацкии...» (75. С. 97). А ў леннай грамаце лівонскаму магістру ад 9 кастрычніка 1385 г. гаворыцца аб Полацкім каралеўстве (29. С. 45, № 8)], незалежная замежная палітыка, біццё ўласнай манеты.

Манеты вялікага князя Андрэя Альгердавіча Полацкага мелі на аверсе княжацкае кляйно накшталт літары «Ю», а на рэверсе — лява, які ідзе, з ліліяй над ім [42. P. 25, Nr 21:21; 21. S. 139, 145] [доўгі час гэтыя манеты былі або не атрыбутаваны (47. С. 20), або прыпісваліся смаленскаму князю Юрыю Святаслававічу (43. Р. 29; 44. S. 160—161, заўвага 80). Апошняе рабілася на падставе таго, што клейнавы знак разумелі як кірылічную літару «Ю» — «Юры», а адсюль выводзілі імя Юрыя Святаслававіча. У спалучэнні з пададзеным вышэй фактам выкарыстання Фёдарам Расціслававічам на сваёй пячатцы выявы лява падобная інтэрпрэтацыя рабіла згаданыя манеты смаленскімі. Праўда, польскі даследнік Р. Керсноўскі, які ў цэлым падтрымаў такое меркаванне, тым не менш, адзначыў: «Pogl№d ten wуdaje siк trafny, chociaї i on nie wzjaњnia, dlaczego ksi№їк smoleсski biі monetк rуїni№c№ siк tak bardzo od typowych w tym czasie monet ruskich, i to zarуwno pod wzglкdem ich stempli, jak teї techniki menniczej oraz wagi» (44. S. 161). Думаецца, Юры Святаслававіч не мог біць сваю манету ў Смаленску ўвогуле. Бо першы раз ён стаў смаленскім князем пасля разгрому смаленцаў на рацэ Вехры і смерці бацькі ў 1386 г., дзякуючы вялікаму князю Скіргайлу, які «пасадзіў яго на вялікім княжанні смаленскім, бо дачка старэйшай сястры Скіргайлавай была замужам за князем Юрыем» (23. C. 108). У тым жа годзе 20 траўня Юры Святаслававіч склаў прысягу на вернасць каралю польскаму Ўладзіславу Ягайлу і вялікаму князю літоўскаму Скіргайлу, а 16 верасня падпісаў з імі саюз (45. S. 460). І хоць ён захаваў тытул «Мы Юрьи Святьславичь кнзь великий Смоленьский...» (20. C. 72), першыя ж спробы праводзіць нейкую самастойную палітыку прывялі да зняцця яго ў 1394 г. са смаленскага пасаду і пераводу ў Рослаўль. У 1401 г. Юры пры дапамозе цесця Алега Іванавіча Разанскага захапіў Смаленск і другі раз стаў там князем, але пратрымаўся, пад сталым ціскам Вітаўта, толькі тры гады. У 1404 г. Вялікае Княства Смаленскае было зноў далучана да ВКЛ (45. S. 460). Увесь час Юры дзейнічае не як самастойны гаспадар, а як князь, залежны або ад князя Скіргайлы Івана, або ад вялікага князя разанскага Алега, таму ён не мог біць манету ні ў 1386—1394, ні ў 1401—1404 г. У сваю чаргу характэрна, што менавіта Скіргайла біў сваю манету з лявом (гл. ніжэй), у той час як Алег Разанскі карыстаўся джучыдскімі дырхемамі, якія ён толькі пазначаў сваім княжацкім знакам (59. C. 99, табл. ІV, 16:16)]. Кляйно «Ю» з’яўлялася ўласным княжацкім знакам Андрэя Альгердавіча [смаленскія Рурыкавічы карысталіся зусім іншымі клейнамі. Так, на пячатцы брата Юрыя Святаслававіча князя Івана, дзяржаўцы порхаўскага ў 1412—1442 г. (45. S. 391—392), прывешанай да акту з 1422 г., была выява знаку накшталт літары «Ж» (46. S. 78, Nr 87). У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці не належала пломба з Віцебска, дзе на адным баку быў падобны клейнавы знак накшталт літары «Ж», а на другім — выява Святога Пятра (16. C. 514; 13. Табл. 1, № 14), іхнаму бацьку, вялікаму князю смаленскаму Святаславу Іванавічу (1359—1386)?]. Даволі блізкую аналогію з ім мае асабістае кляйно князя Івана Андрэевіча на пячатцы з дакументу 1431 г.: два колы, злучаныя пасярэдзіне крыжам [41. S. 697, tabl. II, Nr 12]. Як «унука Альгерда» яго можна атаясаміць толькі з сынам Андрэя Полацкага Іванам, намеснікам пскоўскім у 1389—1399 гг. († пасля 1437 г.) [39. S. 73; 45. S. 336] [зазначу, што род Андрэя Альгердавіча заслугоўвае сур’ёзнага генеалагічнага даследавання. Выснову Ю. Вольфа пра тое, што ён згас на сынах Міхайле († 1385 г.), Сямёне († 1387 г.), Іване († пасля 1437 г.) і ўнуку Аляксандру Іванавічу († 1442 г.) (45. S. 336), апошнім часам паставіў пад сумнеў Я. Тэнгоўскі (39. S. 73)]. Цікава, што ў час намесніцтва ягонага сына Аляксандра (1439—1442), у Пскове б’юцца манеты з лявом на рэверсе. Пазней ён ператворыцца ў барса — дзяржаўную эмблему «Гаспадарства Пскоўскага» [33. С. 101, табл. ХІV, мал. 2].

Характэрным ёсць спалучэнне на рэверсе полацкае манеты лява з геральдычнай ліліяй. Апошняя не выпадковая выява, бо пазней паўтараецца на двух тыпах манет, якія вялікі князь літоўскі Вітаўт біў для Полацка й Смаленска пасля іх далучэння да ВКЛ (гл. ніжэй). Я. Іванаўскас і Р. Дачыс звязваюць выяву ліліі ў полацкай эмблеме з сымбалем Святое Марыі [42. Р. 24—25]. Паводле ж З. Пеха «...jest to symbol na tyle wieloznaczny, їe zaproponowana interpretacja budzi powaїne w№tpliwoњci, zwіaszcza, gdy uwzglкdnimy miкsce umieszczenia lilii» [21. S. 145]. Сумневы знікаюць, калі бачыць у выяве з манеты князя Андрэя Альгердавіча спалучэнне зямельнае сымболікі Русі з выявай Багародзіцы, якая вышэй адзначана на пячатках полацкіх епіскапаў. Толькі апошняя падавалася ў выглядзе ліліі над лявом [як гіпотэзу можам выказаць думку, што лілія магла быць запазычана яшчэ полацкімі князямі са сфрагістыкі заходнепаморскіх князёў. Адметна, што лілію ўжывалі на сваіх пячатках князі Казімер І (†1180 г.) і ягоны пляменнік Казімер ІІ (†1219/1220 г.) (50. S. 154). Праз Святохну, дачку Казімера І (51. S. 219—220), і ейнага сына Уладзіміра лілія магла ўвайсці ў сымбалі полацкіх князёў. У сваю чаргу, леў тады цалкам мог быць запазычаны з геральдыкі дацкіх каралёў, з якімі ў Рагвалодавічаў менавіта ў другой палове ХІІ — пачатку ХІІІ ст. былі шчыльныя дынастычныя сувязі (71. C. 12). На гэта ўказваюць падобныя геральдычныя рысы, толькі ў адрозненне ад дацкіх манархаў, у гербе якіх былі тры лявы ці леапарды ў пас, Рагвалодавічы пакінулі аднаго]. Магчыма і яшчэ адное тлумачэнне ліліі — геральдычнае. Яна была ўведзена, каб адрозніць полацкага лява ад смаленскага, бо ў геральдыцы не магло быць цалкам ідэнтычных выяваў. Пра гэта сведчаць пячаткі з лявом Ноўгарада Вялікага з граматаў 1426 і 1461 г. На першай з іх пад галавой лява змешчаны крыж [А. Лакіер патлумачыў яго так: «между головой и шеей видна верёвка в виде узды» (33. C. 99). Наўрад ці з гэтым можна пагадзіцца. Хутчэй за ўсё, наўгародскі леў павінен быў трымаць крыж або меч у лапе], а на другой — над лявом — дзве васьмікутныя зорачкі [33. C. 99, табл. ХІІ, мал. 8—9]. Дадатковыя элементы адрознівалі наўгародскага лява («лютого зверя») ад полацкага і смаленскага.

На думку літоўскага й амерыканскага даследнікаў Я. Іванаўскаса і Р. Дачыса, полацкую манету князь Андрэй Альгердавіч біў у 1398—1399 гг. [42. P. 25]. Аднак факты ягонай палітычнай біяграфіі прымушаюць усумніцца ў гэтым. У 1387 г. Андрэй трапляе ў палон да караля Ўладзіслава Ягайлы [паводле Пскоўскага летапісу: «...князя Андрея Олгердовича князь Скиригаило, брат его, поима перелестию в Полотске» (53. С. 29)], у якога ён знаходзіўся ў зняволенні ў замку Хэнціны (Польшча) да 1394 г. У тым жа годзе ён быў вызвалены і згадваецца ў Ноўгарадзе Вялікім як пскоўскі князь [пскоўскі летапісец запісаў: «Того же месяца [липеня 1394 г.] князь велики Ондрей и Олгердович приехал из Литвы от братьа, из нятвы, въ 18 день» (53. С. 107). А ў Наўгародскім летапісе адзначана: «Прииха князь Андрей со пьсковьскыми послы…» (54. С. 387)], а ў 1399 г. — гіне ў бітве на рацэ Ворскла [39. S. 69—70]. Ясна, што ў часы кіравання вялікага князя літоўскага Вітаўта (з 1394 па 1399 г.) ніякай манеты ў Полацку Андрэй Альгердавіч біць не мог, бо ўжо ў 1396 г. там сядзеў Вітаўтаў намеснік Манцігірд [55. С. 136; 61. S. 78]. Таму застаецца перыяд з 1377 па 1387 г., дакладней — з 1381 г., калі князь Андрэй Альгердавіч імкнуўся захаваць самастойнасць Полацку ў хаўрусе з Масквой, Смаленскам і Лівонскім ордэнам.

Варта адзначыць, што 23 красавіка 1387 г. Полацкае й Менскае княствы разам з Троцкім былі нададзены Уладзіславам Ягайлам брату Скіргайлу Івану [29. C. 50—51, № 10]. 18 чэрвеня таго ж году ў Лідзе Скіргайла Іван, князь літоўскі, пан троцкі й полацкі, выдаў свой дакумент, да якога прывесіў уласную пячатку з выявай збройнага рыцара на кані з дзідай у правай руцэ і тарчай — у левай. На тарчы ж быў змешчаны ўзняты леў [48. S. 14, Nr 18; 56. C. 239, мал. 2]. Ён жа біў сваю манету, дзе на аверсе быў ягоны ўласны клейнавы знак — крыж [на найстарэйшай пячатцы Скіргайлы Івана, прывешанай да дакументу з 1380 г., быў змешчаны просты (геральдычны?) крыж, які М. Гумоўскі памылкова назваў крыжам Святога Андрэя (41. S. 713, tabl. III, 24)], а на рэверсе — леў улева з выгнутай назад галавой [42. P. 30, Nr 20:20; 59. C. 100, табл. ІV, мал. 17:17]. Я. Іванаўскас і Р. Дачыс лічаць, што, будучы намеснікам караля Уладзіслава Ягайлы ў ВКЛ і князем у Троках і Полацку, Скіргайла не мог біць сваю манету, а таму згаданы экземпляр паходзіў з 1395—1397 гг., калі ён быў князем у Кіеве [42. P. 25; 56. P. 36]. Нельга з гэтым пагадзіцца, бо даказана, што, па-першае, статус Скіргайлы Івана ў ВКЛ быў даволі высокі і дазваляў яму мець такую прэрагатыву, як біццё манеты, па-другое, ён памёр у 1394 г. [39. S. 103; 58. S. 126—127]. У сувязі з гэтым, трэба прызнаць, што манета з лявом білася ім у прамежак з 1387 па 1394 г., менавіта тады, калі ён з’яўляўся і князем полацкім, бо згаданая выява магла адносіцца толькі да Полацка (Русі). Пра гэта сведчыць той факт, што, калі ў 1394 г. Полацк адышоў ад Скіргайлы Івана, была зменена і пячатка. Да дакументу ад 18 лютага 1394 г., дзе ён разам з братамі бярэ на парукі Андрэя Полацкага, была прывешана новая ягоная пячатка, на якой быў вершнік з дзідай-сцяжком і тарчай. На сцяжку быў змешчаны просты крыж — уласны знак князя, а на тарчы — замест лява — падвойны крыж Ягайлы [41. S. 713—714; 56. C. 240—241, мал. 3; 4:3]. Важна, што ўлада Скіргайлы Івана пасля 1387 г. распаўсюджвалася і на Менскае княства. У свой час (1349) з апошняга было вылучана для былога вялікага князя літоўскага Яўнута Івана Гедымінавіча Заслаўе [30. C. 94]. На пячатцы з дакументаў 1386 і 1398 г. ягонага сына князя Міхайлы Яўнутавіча Заслаўскага была выява: «...lwa wspiкtego z podniesionemi 2 іapami...» [41. S. 708]. Такім чынам, леў фіксуецца на пячатках і манетах Гедымінавічаў, звязаных непасрэдна з Полацкай (Менскай, Заслаўскай) зямлёй.

Звернем увагу таксама на тое, што і польскі кароль Уладзіслаў ІІ Ягайла карыстаўся гербам Русі (той яе часткі, якая ўваходзіла ў склад Польскага каралеўства), толькі ў адрозненне ад лява Скіргайлы, той леў уздымаўся на скалу. На яго ж «рускай манеце», якая білася ў Львове ў 1388—1394, 1394—1400 і 1401—1414 гг., быў проста ўзняты леў [21. S. 45, 122, 205—206; 90. S. 231]. Адначасова, як найвышэйшы князь літоўскі і рускі, Ягайла біў манету для рускіх земляў ВКЛ з выявай лява [42. P. 15, Nr 1:1, 2:2; 21. S. 137—138, 139—141]. Я. Іванаўскас і Р. Дачыс датуюць яе 1386 г., аднак так званая «пляцёнка» над лявом сведчыць пра выраб такой манеты хутчэй пасля трагічнай бітвы з татарамі на рацэ Ворскла ў 1399 г. У гэты ж самы час (1389—1425) выява лява («барса») з «пляцёнкамі» выкарыстоўваецца на манетах вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітравіча, што расейскі даследнік Г. Фёдараў-Давыдаў звязвае з яго «общерусскими притязаниями» [63. С. 37—39, № 178—190; с. 134]. Хутчэй за ўсё, лява трэба звязваць з яго агульнарускім характарам, бо «пляцёнкі» сведчаць як раз аб татарскіх прэтэнзіях на ўсю Русь — як Літоўскую, так і Маскоўскую. Сапраўды, выкарыстанне лява ў розных варыянтах у Галіцка-Валынскім княстве, Смаленску, Полацку, Ноўгарадзе Вялікім, Пскове, Маскве сведчыць, што ён з’яўляўся ў другой палове ХІV — першай палове ХV ст. агульнапрынятым сымбалем Русі.

Яшчэ больш яскрава гэта пацвярджаюць манеты, якія біў для Полацка і Смаленска вялікі князь літоўскі Вітаўт Аляксандр. Першая з іх захоўвала на рэверсе выяву лява з ліліяй, а на аверсе — замест знаку Андрэя Альгердавіча — Вітаўтавы Калюмны. Другая на аверсе мела тыя ж Калюмны, а на рэверсе — два лявы, якія тут геральдычна правільна падаюцца як леапарды, адзін над другім, пры гэтым над верхнім зноў была змешчана лілія [42. Р. 24, Nr 15:15, 16:16; 21. S. 144—145]. Паводле Я. Іванаўскаса і Р. Дачыса яны біліся ў 1399—1401 і 1398—1399 гг. адпаведна. Аднак першая манета Вітаўта ўяўляла сабой перабітую яго знакам полацкую манету Андрэя Альгердавіча, пра што сведчаць іх ідэнтычныя рэверсы. У сувязі з гэтым, яна магла прадукавацца і раней — у 1394—1396 гг. У 1396 г. «князь литовскои Витовътъ Кестоуитьевичь взя Смоленескъ перелестью, и наместники посади» [53. C. 108]. У гэты час (1396—1399) была выпушчана другая манета з двума леапардамі, бо відавочна, што выява на ёй утварылася шляхам спалучэння полацкага і смаленскага лявоў. Пасля паразы на рацэ Ворскла Вітаўт, як і Ягайла, вымушаны быў біць манеты з «пляцёнкай» над лявом [42. P. 23, Nr 12:12, 13:13]. Пасля гэтага Вітаўт ужо не вяртаецца да лявоў ці леапардаў: на манетах бітых для Полацка з 1401 г. на аверсе захоўваюцца Калюмны, а на рэверсе змяшчаецца вершнік з ліліямі над і пад ім [42. P. 23, Nr 14:14; 21. S. 144] [у сваім меркаванні пра тое, што гэтая манета білася для Полацка мы зыходзім з ідэнтычнага спосабу выканання Калюмнаў на ўсіх полацкіх і полацка-смаленскіх манетах (на гэта першы звярнуў увагу З. Пех [21. S. 145]), а таксама — з факту спалучэння ліліяў з вершнікам (Пагоняй). У сувязі з гэтым, трэба адзначыць, што Калюмны як Печать Полоцкая на вялікай пячатцы Івана Грознага з 1577 г. з’явіліся менавіта дзякуючы выкарыстанню іх на старых полацкіх манетах, а не толькі на манетах апошніх Ягайлавічаў — Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста, як мяркуе польскі даследнік Г. Граля (81. S. 129—130)]. З аднаго боку, гэта было звязана з цэнтралізатарскімі памкненнямі Вітаўта і уніфікацыяй выяваў на манетах у рамках яго грашовай рэформы ў ВКЛ. З іншага боку, страта Смаленска пасля 1399 г. прывяла да таго, што для яго быў створаны асобны новы герб з выявай мядзведзя, які ідзе. Упершыню такі герб Смаленска фіксуецца на гербавай пячатцы Вітаўта з 1401 г. [21. S. 93—94]. Спачатку гэта герб-прэтэнзія, бо Смаленск быў вернуты ў склад ВКЛ толькі ў 1404 г.: «...переветнице предаша град Смолнескъ князю Витовту Литовъскому» [54. C. 398]. Чаму менавіта выява мядзведзя абрана ў якасці смаленскага сымбалю — цяжка сказаць. Але, безумоўна, такі рэзкі адыход ад традыцыйнай «рускай» эмблемы лява быў выкліканы важкімі прычынамі. На нашу думку, тут пэўную ролю згуляў як татарскі фактар, так і тое, што лява выкарыстоўваў палітычны канкурэнт Вітаўта — ягоны зяць вялікі князь Васіль Дзмітравіч Маскоўскі. У такой сітуацыі выбар мясцовага «цара лясоў» у якасці новай «рускай» (у згаданым выпадку — смаленскай) выявы было для Вітаўтавых герольдаў справай тэхнічнай [выкажам гіпотэзу, што выява мядзведзя была падказана герольдам Вітаўта падабенствам двух лацінскіх словаў: «Russia» і «Ursus» (мядзведзь) ці «Ursa» (мядзведзіца)]. Аднак галоўнай прычынай адмовы ад лявоў была страта як Полацкам (ВКП), так і Смаленскам (ВКС) сваёй самастойнасці і іх уваход у склад ВКЛ. У сувязі з гэтым, выснова польскага даследніка З. Пеха, што: «Пасля згаданага адносна кароткага нумізматычнага эпізоду, леў знікае са складу патэнцыйных сымбаляў улады» вялікіх князёў літоўскіх [21. S. 145], не зусім дакладная. Леў ці леапард у ВКЛ для Вітаўта не з’яўляўся «патэнцыйным» сымбалем, а наадварот — ад яго ён імкнуўся пазбавіцца ці лепей — замяніць, што ў рэшце рэшт і было зроблена.

Пра гэта сведчыць полацкая пячатка, якую беспадстаўна лічаць найбольш старажытнай гарадской пячаткай. Упершыню яна фіксуецца на дакуменце 1396 г. (на першым месцы!), да якога была прыкладзена разам з пячаткай Вітаўтавага полацкага намесніка Манцігірда. Яна не мела ніякіх выяваў, а толькі вербальную формулу: «ПЕЧАТЬ ПОЛОЦЬКАЯ И С[ве]ТОЕ СОФЬИ» [55. C. 136, 139—140, мал. 4, 11]. Праўдападобна, гэта была менавіта полацкая дзяржаўная пячатка, а не пячатка гораду [гарадская пячатка была б з надпісам: «Печать Полоцка» або «Печать города (места) Полоцкого». Ды і на сапраўднай гарадской пячатцы не было б сэнсу пазначаць: «Святой Софии». Затое на дзяржаўнай пячатцы лагічна было змяшчэнне поўнай назвы Полацкай дзяржавы — Дому Святой Сафіі. Характэрнай ёсць і найбольш старажытная гарадская пячатка Віцебска. На ёй былі словы: «+ ПЕЧАТЬ ВИТЕБЬСКАЯ ВСЕГО ГОРОДА» (91. С. 264)]. Спалучэнне словаў «пячатка полацкая» і «Святой Сафіі» адпавядала спалучэнню лява і ліліі на манетах. У такой форме яна пратрымалася ва ўжыванні даволі доўга — па канец ХV ст., а ў 70-я гг. гэтага ж стагоддзя нават абнаўлялася [55. С. 141]. Няма сумневу, што ў такой форме палачане імкнуліся падкрэсліць сваю былую самастойнасць і аўтаномнасць у ВКЛ. Апошняя забяспечвалася спецыяльным земскім прывілеем, атрыманым ад Вітаўта [92. S. 5—6].

Больш адметна гэта відаць на пячатках полацкіх епіскапаў, роля якіх у Полацку ў канцы ХІV — пачатку ХV ст. пры вялікакняжацкіх намесніках істотна знізілася [55. C. 141]. Нягледзячы на новы архіепіскапскі тытул (з 1392 г.) рэальны палітычны статус полацкіх епіскапаў упаў, што знайшло адлюстраванне ў іх сфрагістыцы. Так, на пячатцы Сямёна Старога з 40-х гг. ХV ст. замест выявы Багародзіцы Знаменіе быў змешчаны надпіс: «М[и]Л[ос]ТЬЮ Б[о]ЖІЕЮ СЕМИОНЪ ВЛАДЫКА ПОЛОЧЬКИІ» [55. C. 142, мал. 14]. Толькі архіепіскап Каліст паспрабаваў аднавіць былы ўплыў. У 1459 г. ён, як піша А. Харашкевіч: «выступил в качестве равноправной с полоцким наместником и “поспольством” силы. Вместе с ними … снабдил полоцких послов в Ригу … своей верительной грамотой» [55. C. 141]. На ягоных пячатках з 1458—1459 гг. таксама не было Багародзіцы, але быў змешчаны надпіс, які паўтараў формулу з пячатак полацкіх епіскапаў часоў незалежнасці: «М[и]Л[ос]ТЪЕЮ Б[о]ЖЬЕЮ КАЛИСТЬ ЕП[иско]ПЪ ПОЛОЧКИІ» [55. C. 142, мал. 15]. Такая палітычная актыўнасць і амбіцыі Каліста былі заўважаны — ён быў заменены Сямёнам, які рэзка змяніў тып сваёй пячаткі. У цэнтры яе была змешчана манаграма яго імя «СЕМІОН» і надпіс у атоку: «+ М[и]Л[ос]ТЬЮ Б[о]ЖЬЕЮ ВЛ[а]Д[ы]КА ПОЛ[о]ЧКІ» [55. C. 142, мал. 16; 66. C. 29—30, фота 11]. Нельга пагадзіцца з А. Харашкевіч, што змена тыпу пячаткі была выклікана толькі жаданнем Сямёна адрозніць яе ад пячаткі Сямёна Старога [55. C. 142]. Насамрэч гэта быў вынік паразы палітычнай праграмы полацкага архіепіскапа-«сепаратыста» Каліста ў дачыненнях з цэнтральнымі ўладамі ВКЛ [полацкім намеснікам у 1458—1459 г. быў Пётр Манцігірдавіч (55. С. 138; 63. S. 91). Магчыма, ён спрыяў полацкаму архіепіскапу Калісту, што прывяло да замены яго Алехнам Судзімонтавічам, які «byі bliski» вялікаму князю літоўскаму Казімеру Ягайлавічу (63. S. 99). Пэўна тое, што Алехна ў Полацку замацаваў пазіцыі цэнтральнай улады].

Такім чынам, пачынаючы з канца ХІV па канец ХV ст. у новых палітычных умовах, калі ў Полацку з’яўляюцца намеснікі Вітаўта, выява лява і ліліі набывае вербальную форму, а пазней — у пачатку ХVІ ст. з утварэннем Полацкага ваяводства — саступае месца новым сымбалям [гербам Полацкага ваяводства ВКЛ, якое было створана ў пачатку ХVІ ст., быў залаты алень, які ідзе ў чырвоным полі (64. С. 63). Колеры дадзены паводле: (76. S. 238)]. У сувязі з гэтым, лявы маглі выкарыстоўвацца толькі ў якасці сымбаляў «апазіцыйных» вялікаму князю Вітаўту.

Менавіта ў такім кантэксце трэба разглядаць іх з’яўленне ў «Хроніцы Канстанцкага сабору 1414—1418 гг.», якая была напісана Ульрыхам Рыхенталем у 
20-я гг. ХV ст. Гэтая крыніца адлюстравала завяршэнне працэсу геральдызацыі лявоў або іх ператварэння ў герб: тарча падзелена на дзве часткі, у верхняй залатой — блакітны леў, у ніжняй блакітнай — залаты леў [67. S. 137] [на жаль, як арыгінал «Хронікі Канстанцкага сабору 1414—1418 гг.», так і яе факсімільнае выданне нам у Горадні засталося недаступнае, таму тут мы падаем расфарбаваны малюнак з працы Ф. Пекасіньскага]. Надпіс: «Von dem durchleuchti, fursten herczog R(F)odur von Schmolenczgei in rotten Reussen» сведчыў, што з такім гербам прыбыў у Канстанц Фёдар Юр’евіч «са Смаленска ў чырвонай Русі» [68. С. 52]. Быў гэта сын ужо вядомага нам смаленскага князя Юр’я Святаслававіча [60. С. 78; 68. С. 52]. Ён прыехаў на сабор у Канстанц з Ноўгарада, дзе да 1412 г. быў служылым князем. Пры гэтым ягоны ад’езд на Захад быў выкліканы пагрозай Вітаўта распачаць вайну з Ноўгарадам, бо сярод прэтэнзій вялікага князя літоўскага да апошняга было тое, што: «нашего ворога Юрьева Святославлича сына Федора приняле есте» [54. С. 404]. У выніку, як піша наўгародскі летапісец: «И князь Федоръ рече новгородцомъ: “о мне с Витовтом нелюбья не держите”; отъиха в Немце» [54. С. 404]. Важна, што спачатку князь Фёдар Юр’евіч падаў як свой герб менавіта Вітаўтавых полацка-смаленскіх лявоў, што сведчыла пра яго прэтэнзіі на страчаную «чырвоную Русь». Аднак прысутнасць у Канстанцы паслоў Вітаўта і найперш таямнічага князя Паўла [паводле «Хронікі»: «herczog Pauls von rechten Reussen ist vnde herczog Wittolten» карыстаўся гербам: у блакітным полі палова срэбнага лява, якая выходзіць з чырвонага полымя (67. S. 136). Асоба не ідэнтыфікавана] прымусіла яго адмовіцца ад згаданай вышэй сымболікі і тутулу. Герольдамі імператара Святой Рымскай імперыі Жыгімонта для Фёдара быў створаны адмысловы новы герб: тарча падзелена на чатыры часткі. У першай і чацвёртай у чырвоным полі — срэбны геральдычны крыж; у другой і трэцяй — у блакітным полі задняя палова залатога лява, на якой сядзіць срэбны арол, што дзяўбе яго крывавыя вантробы. Быў удакладнены і тытул: «herczog Fedur von weisen Reussen vnnd herr czu Schmolenczgi» [67. S. 142; 74. S. 57]. Як лічыць А. Белы, князь Фёдар быў у Канстанцы прадстаўніком ад «белай Русі» (Ноўгарада) і Смаленска [68. С. 53]. Аднак лепш яго назваць толькі прэтэндэнтам на гэтыя землі, пра што сведчыў ягоны новы герб. Геральдычны крыж (крыж Святога Юр’я) у 1-й і 4-й частках быў гербам Ноўгарада Вялікага («белай Русі»). Упершыню ў такой якасці ён фіксуецца на пячатцы Вітаўта з 1401 г. [у брусэльскім гербоўніку «Armorial Lyncenich» з першай паловы ХV ст. ён падпісаны: «nowengrote», у той час як смаленскі мядзведзь — «smollenghe» (73. S. 115, tabl. XV, Nr 83, 85; 74. S. 56)]. Палова лява з арлом у 
2-й і 3-й частках даволі яскрава сымбалізуе трагічны лёс Фёдара як смаленскага князя: Смаленск адабраны драпежным арлом (Уладзіславам ІІ Ягайлам і Вітаўтам). Пазней гэтая выява ператворыцца ў гармату з райскай птушкай. Апошнія замацуюцца ў якасці смаленскага герба ў Расіі [60. С. 90].

Для нас асабліва важныя пададзеныя ў «Хроніцы» колеры полацка-смаленскага герба: блакітны леў у залатым полі (полацкі) [адсутнасць ліліі, якая павінна быць таксама, як і леў, блакітнай, можна растлумачыць карэкцыяй гербавай выявы як самым князем Фёдарам Юр’евічам, так і мастаком-ілюмінатарам «Хронікі»] і залаты леў у блакітным полі (смаленскі). Золата і блакіт — гэта сапраўдныя геральдычныя колеры сярэднявечнай Русі. Яны фіксуюцца і іншымі заходнімі гербоўнікамі першай паловы ХV ст. Так, у брусэльскім гербоўніку «Armorial Lyncenich» герб Львоўскай зямлі («lemborch») выглядаў так: у блакітным полі залаты леў, які ўздымаецца на гору [73. S. 114, tabl. XV, Nr 78; 74. S. 55]. Аналагічны герб, а таксама варыянт: залаты леў у блакітным полі (герб Русі), змешчаны ў стакгольмскім «Codex bergshammar» і парыжскім «Armorial de la Toison d’Or» [74. S. 50—53, 55; 77. S. 80, ryc. 12, Nr 4]. Былі гэта гербы тых частак Русі (Галіцка-Валынскага княства), якія апынуліся пад уладай польскіх каралёў. Як адзначалася вышэй, з канца ХІV ст. леў, які ўздымаецца на гору, з’яўляецца на маестатавай пячатцы польскага караля Уладзіслава ІІ Ягайлы. Пазней «рускі» залаты леў у кароне ў блакітным полі (з гарой ці без яе) замацаваўся сярод зямельных і ваяводскіх гербаў Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай [21. S. 56, 67, 70, 78; 74. S. 109, 113]. Полацка-смаленскі ж герб быў забыты, а для аднайменных ваяводстваў у ВКЛ былі створаны новыя гербы, без якой-небудзь сувязі з лявамі [64. C. 59—64]. Апошнія захаваліся толькі ў шляхоцкіх гербах нашчадкаў Яўнута Гедымінавіча або полацкіх і смаленскіх князёў: Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Друцкіх, Жыжамскіх ды ў гербах гарадоў ВКЛ: Слоніма, Ліды, Крынак і інш. [33. C. 125; 78. S. 10; 79. C. 33; 80. Т. 10. S. 201—202; 91. C. 145, 177, 185, 207, 222, 233].

Такім чынам, сымболіка і геральдыка Полацкае дзяржавы ў Х—ХV стст. даволі разнастайная і багатая: на першым княжацкім этапе (Х — пачатак ХІІ ст.) сымбалямі Полацкага княства былі княжацкія трызубы і Святы Крыж (шасціканцовы); на другім — вечавым або рэспубліканскім (20-я ХІІ — 70-я гг. ХІV стст.) — сымбалем Полацкае рэспублікі была выява Багародзіцы; на трэцім — вялікакняжацкім (80-я гг. ХІV ст.) — сымбалем Вялікага Княства Полацкага была выява лява з ліліяй над ім; нарэшце, на чацвёртым этапе — ужо баярска-намесніцкім (канец ХІV — канец ХV ст.) — сымбалем незалежнасці Полацка-Смаленскай зямлі быў герб з двума лявамі, зафіксаваны ў «Хроніцы Канстанцкага сабору 1414—1418 гг.», заменены з уваходжаннем Полацку ў склад ВКЛ спачатку Калюмнамі і Пагоняй, а пасля ўтварэння Полацкага ваяводства — гербам з выявай аленя.

* * *

У сувязі з усім адзначаным вышэй, мяркую, што дзяржаўны герб сучаснай Беларускай Рэспублікі (дарэчы, чаму не Рэчы Паспалітай, бо так перакладаецца на беларускую мову «res publica»?) павінен выглядаць так: тарча падзелена на чатыры часткі, пры гэтым, 1-я і 4-я рассечаны яшчэ на дзве — у верхняй у залатым полі блакітны леў, у ніжняй — у блакітным полі — залаты леў, у 2-й і 3-й частках у чырвоным полі — срэбны вершнік з мечам і шчытом, на якім шасціканцовы крыж (Пагоня). Над тарчай — карона Усяслава Вялікага. Адсутнасць белага колеру як адпаведніка Беларусі ў частках з лявамі не павінна засмучаць: тагачасная «белая Русь» карысталася зусім іншым гербам, ды і не прылічалася да нашае тэрыторыі. Няма ніякіх падставаў і для таго, каб змяніць колеры, як прапануе Алег Латышонак: «...лявы маглі б быць сярэбраныя (белыя) у чырвоным полі. Пасавалі б да сцяга» [ліст да аўтара ад 01.07.2004 г.]. Па-першае, гэта было б нязгодна з гістарычнай праўдай (і гэта — галоўнае). Па-другое, гэта будзе ўжо не геральдыка, бо можна заблытацца ў варыянтах. Сапраўды, а чаму б тады не пакласці двух чырвоных лявоў у срэбным полі? Па-трэцяе, у багатай на лявоў і леапардаў геральдыцы Заходняй Еўропы такія каляровыя варыянты напэўна выкарыстоўваліся, у той час як на нашых лявоў ніхто, здаецца, пакуль не прэтэндуе. Па-чацвёртае, белага колеру дастаткова ў нацыянальным сцягу, які з’явіўся якраз тады, калі назва Беларусь пашырылася на нашу этнічную тэрыторыю.

Думаю, варта абмеркаваць праблему ліліі: трэба яе далучаць у герб ці не? Калі зыходзіць з яе значэння і гістарычнага кантэксту, то згаданая геральдычная выява павінна быць вернута ў полацкі герб. Аднак магчымы і іншы падыход — пакінуць так, як ёсць. Іншай праблемай з’яўляюцца колеры поля шчыта і выявы шасціканцовага крыжа ў Пагоні. Пакідаць срэбны шчыт з залатым крыжам нельга, бо гэта разбурае адно з галоўных правілаў геральдыкі, што забараняе накладваць метал на метал. У літоўцаў выкарыстоўваецца блакіт і золата. Аднак у часы Уладзіслава ІІ Ягайлы фіксуюцца і залаты (або срэбны) падвойны крыж у чырвоным полі і чырвоны ў срэбным [21. S. 246, 248—249]. Важнымі з’яўляюцца таксама такія «дробязі», як наяўнасць у каня вершніка Пагоні падковаў [93. C. 14], рэканструкцыя тыпу кароны Усяслава ці колер языка, вачэй і капцюроў у лявоў. Апошняе стане магчымым пры вывучэнні арыгіналу «Хронікі Канстанцкага сабору 1414—1418 гг.)».

Subscribe

  • Гербы на літару Я.

    Герб Ястрабец Герб Ясеньчык Герб прыналежыў родам: Абуховіч, Абухоўскі, Анісовіч, Асавецкі, Багурскі, Бельскі, Бурскі,…

  • Гербы на літары Т - Ю.

    Герб Юноша Герб прыналежыў родам: Амяцінскі, Аранскі, Арлоўскі, Банькоўскі, Баран, Баранцэвіч, Барановіч, Бараноўскі, Баркоўскі,…

  • Гербы на літары Р, С

    Герб Сыракомля Герб прыналежыў родам: Адорскі, Андраноўскі, Андрушкевіч, Асоска, Банькоўскі, Барайовіч, Бейнар, Бічэўскі, Булгак,…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments