Валянцін Мацкевіч (matskevich_valj) wrote in gerby_belarus,
Валянцін Мацкевіч
matskevich_valj
gerby_belarus

Сымболіка й геральдыка Полацкае дзяржавы ў Х-ХY стст.


СПАДЧЫНА № 6/2003      Тэма нумару: Далітоўская Беларусь

Cымболіка й геральдыка Полацкае дзяржавы ў Х—ХV стст.

Аляксей ШАЛАНДА

Праблема сымболікі й геральдыкі Полацкага княства — першай беларускай дзяржавы, як ні дзіўна, пакуль сур’ёзна не закраналася ў айчыннай гістарыяграфіі. Пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі асноўныя дыскусіі разгарэліся вакол герба Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Пагоня, які 19 верасня 1991 г. быў зацверджаны ў якасці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь [1]. Аўтары закону аб Дзяржаўнай сымболіцы Беларусі зыходзілі ў сваіх меркаваннях з геральдычных традыцыяў ВКЛ і Беларускай Народнай Рэспублікі (што ў пэўным сэнсе апраўдана), таму ў іх нават думкі не ўзнікала аб магчымасці пошуку іншых беларускіх дзяржаўных сымбаляў. Разам з тым, сымболіка й геральдыка Полацкае дзяржавы патрабуе сур’ёзнага навуковага даследавання хоць бы таму, што гісторыя Беларусі значна больш старажытная за гісторыю ВКЛ. Мэта артыкулу — не ў пераглядзе беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сымболікі, а ў спробе распачаць па гэтай праблеме навуковую дыскусію, тым больш што яна і пасля рэферэндуму 1995 г. не выглядае канчаткова вырашанай.

Каб пачаць разгляд канкрэтных выяваў, эмблемаў, сымбаляў і гербаў, адразу адзначу, што мы абмяжоўваемся храналагічнымі рамкамі Х—ХV стст., калі Полацкае княства захоўвала або поўную, або адносную самастойнасць, нават у складзе ВКЛ [варта заўважыць, што праблема ўваходжання Полацкага княства ў ВКЛ у айчыннай гістарыяграфіі пакуль канчаткова не вырашана]. За гэты час у сваім развіцці Полацкая дзяржава перажыла некалькі важных этапаў, якія паўплывалі на яе сымболіку:

1. княжацкі: Х — пачатак ХІІ ст.;

2. вечавы або рэспубліканскі: 20-я ХІІ — 70-я гг. ХІV стст.;

3. вялікакняжацкі: 80-я г. ХІV ст.;

4. баярска-намесніцкі: канец ХІV — канец ХV ст.

На першым этапе (Х — пачатак ХІІ ст.) полацкія князі адыгрывалі ў знешняй і ўнутранай палітыцы дзяржавы, пры існаванні веча, вядучую ролю. Суверэнітэт Полацкае зямлі ўвасабляўся ў асобе князя, таму тагачасная дзяржаўная сымболіка адпавядала тым выявам і знакам, якімі карыстаўся той ці іншы полацкі князь. Захавалася пячатка полацкага князя Ізяслава Ўладзіміравіча (да 980—1001 г.), якую даследнікі датуюць канцом Х ст. На захаваным яе баку змешчана выява княжацкага знаку-кляйна ў выглядзе Трызуба Рурыкавічаў і імя: «ИЗЯС[лав]ОС» [2. С. 29—30]. Звяртае на сябе ўвагу, што ў адрозненне ад Трызуба бацькі Уладзіміра Святаслававіча знак Ізяслава займеў такі важны элемент, як крыж. Апошні сымбалізаваў тое, што ўладальнік кляйна — хрысціянін. Гэта цалкам супадае з той характарыстыкай, якую даў Ізяславу Полацкаму летапісец: «Быў ён ціхі і лагодны, смірны і літасцівы, і слёзны, і ўмільны, і доўгацярплівы. Паважаў духоўны і манаскі сан, быў старанным у чытанні боскіх пісанняў» [3. С. 59]. Увядзенне крыжоў у знакі-клейны было вынікам хрысціянізацыі Русі (ад 988 г.). Гэты працэс, які польскі даследнік Ф. Пекасіньскі называў «асвяшчэннем» [4. S. 116—117], у Полацкім княстве распачаўся ў канцы Х ст. са знаку князя.

Распаўсюджанне хрысціянства паспрыяла таксама пранікненню з Бізантыі ў Полацкае княства пэўных эмблемаў і сымбаляў. Найперш гэта датычыць выяваў святых усходняй (пазней — праваслаўнай) царквы. На ўзор бізантыйскай сфрагістыкі з канца XІ ст. з’яўляюцца княжацкія пячаткі з выявамі святых-заступнікаў іх (пячатак) уладальнікаў. Часта на абодвух баках пячаткі змяшчаліся два святыя, якія ўвасаблялі хрысціянскія імёны яе ўласніка і яго бацькі [5. № 4. С. 48]. На думку М. Белемука, унук Ізяслава полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч насіў хрысціянскае імя Дзмітры і мог быць уладальнікам пячаткі, дзе на адным баку была чатырохпялёсткавая кветка накшталт грэцкага крыжа (сымбалічны вобраз Хрыста), а на другім — постаць князя са шчытом і дзідаю і з надпісам «Дзімітрэос» [раней яна прыпісвалася кіеўскаму князю Ізяславу Дзмітрыю Яраслававічу (6. С. 69)]. Адным з аргументаў на карысць таго, што Святы Дзмітры быў патронам полацкага князя Усяслава, аўтар лічыць яго іконку на крыжы Еўфрасінні Полацкай [6. С. 69—70]. Аднак з такім жа поспехам можна сцвярджаць, што святым патронам Усяслава мог быць і Святы Стэфан, і Святы Панцеляймон. Іхныя выявы таксама змешчаны на адваротным баку крыжа. Думаем, што іх з’яўленне было выклікана закладваннем у крыж рэліквіяў: мошчаў і крыві, а не нейкай генеалагічнай праграмай, якая сапраўды прысутнічае, але на галоўным яго баку — Святая Еўфрасіння (патронка заказчыцы), Святы Георгі (патрон яе бацькі полацкага князя Святаслава Георгія Усяслававіча) і Святая Сафія (патронка маці князёўны Сафіі) [8. С. 91—92]. Акрамя гэтага, на пячатцы ўсё ж змешчана выява свецкага чалавека, а не святога. Усё гэта робіць сумнеўным атрыбутацыю М. Белемука. А калі ўлічыць, што сярод полацкіх князёў розных галінаў найчасцей з хрысціянскіх імёнаў сустракаецца імя Васіль ці Васілька [14. С. 30], то патронам князя Усяслава мог быць і Святы Васіль.

З князем Усяславам Полацкім звязвае яшчэ пярсцёнак-сыгнет, які некалі захоўваўся ў віленскім Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча [9. С. 6]. На ім змешчаны клейнавы знак накшталт літары «Ш» (Трызуб), сярэдняя ляска якога вышэйшая за бакавыя і перакрыжавана касым крыжам, вакол знаку надпіс: «К[ня]З[ь] В[се]СЛ[а]В П[о]Л[от]СК[ий]» [С. Тарасаў прачытаў надпіс так: «К[ня]З[ь] ВС[ес]Л[а]В П[о]Л[о]Ч[с]К[и]» (22)] [8. С. 49]. У літаратуры ўжо выказваліся сумневы ў аўтэнтычнасці пярсцёнка [2. С. 10]. На маю думку, тое, што гэта падробка, створаная, хутчэй за ўсё, спецыяльна для экспазіцыі віленскага музею, сведчыць якраз характар клейнавай выявы. Яна больш падобная на вядомыя Калюмны Вітаўта, чым на Трызуб дзеда Усяслава. Відаць, аўтар такім чынам хацеў падкрэсліць сувязь і пераемнасць паміж полацкімі і літоўскімі князямі. Палеаграфічныя асаблівасці надпісу (напрыклад, напісанне літараў «Л» і «С») ды і сам надпіс, як такі на сыгнеце, сведчаць пра больш позняе яго паходжанне. Тое ж адносіцца і да другога пярсцёнка-сыгнету полацкага князя Барыса Рагвалода Усяслававіча [9. С. 6] [характэрныя наступныя словы Антона Луцкевіча: «Вельмі даўных часоў сягае багатая сфрагістычная калекцыя, якая налічывае 103 пячаці. Найстарэйшыя — пячаці на сыгнэтах полацкіх князёў Усяслава (ХІ ст.) і Барыса (ХІІ ст.). Пячаці гэтыя даюць вычэрпываючы адказ на пытаньне, якога гэрбу ўжывалі полацкія князі — патомкі Уладзімера Кіеўскага» [9. С. 4, 6]. Мабыць, тут аўтар рабіў намёк на тое, што яны карысталіся гербам Калюмны].

Такім чынам, на сёння сымболіка князя Усяслава застаецца пакуль невядомай. Тое, што ён займаў полацкі сталец даволі працяглы час (1044—1101) дазваляе спадзявацца, што яна захавалася. Шукаць яе трэба сярод неатрыбутаваных пячатак і пломбаў XI—пачатку ХІІ ст. з Полацка, Віцебска, Кіева і Ноўгарада. Аднак набор гэтых сымбаляў пэўна будзе падобны на сымбалі іншых князёў Русі: уласны знак-кляйно, выява тэзаіменнага святога, рэлігійная эмблема. У сувязі з гэтым, хочам звярнуць яшчэ ўвагу на іканаграфію самога Усяслава, якая дайшла да нас у мініятурах канца ХV ст. Радзівілаўскага летапісу. На іх полацкі князь намаляваны ў адмысловай кароне, якую М. Белямук называе туфой — галаўны ўбор, які ў Бізантыі насілі сыны і браты імператара [6. С. 70]. Пяць «пялёсткаў» кароны завяршаліся пэрлінамі па тры на кожным (усяго 15). Такі тып кароны быў больш падобны на кароны заходнееўрапейскіх манархаў (герцагаў ці вялікіх князёў), а не бізантыйскіх імператараў. Як можна меркаваць, такім чынам мастак адлюстраваў свае фантазіі на словы ў летапісе аб нараджэнні Ўсяслава з «язвенам». Аднак нельга выключыць і тое, што мастак адлюстраваў у сваёй мініятуры або нейкі сапраўдны партрэт Усяслава (на карысць гэтага сведчаць даволі дакладна прамаляваныя партрэтныя рысы полацкага князя), або толькі яго карону, якую бачыў на ўласныя вочы. Апошняя ў ХV ст. яшчэ магла захоўвацца ў тым жа Смаленску [на думку некаторых даследнікаў, Радзівілаўскі летапіс мог быць створаны ў Смаленску (82. С. 65)], куды быў вывезены і крыж Еўфрасінні. У кожным выпадку на малюнках Радзівілаўскага летапісу адметная ад традыцыйных княжацкіх шапак іншых князёў Русі карона Усяслава сведчыла пра суверэнітэт Полацкага княства.

У дачыненні да сымболікі сына Усяслава — полацкага князя Барыса Рагвалода — трэба дадаць, што ён на сваіх вядомых камянях выбіваў два тыпы крыжоў: чатырох- і шасціканцовы на розных падставах [11. С. 99—109]. У сувязі з гэтым, дзве знойдзеныя ў Віцебску пячаткі ХІІ ст. з выявай Святога Барыса з крыжам на грудзях і з «працьвілым» чатырохканцовым крыжам [12. С. 20, № 5—6] маглі належаць яму. Яны падобныя да знойдзенай у Менску пячаткі ХІІ ст. з выявай Святога (?) Глеба і са знакам-кляйном: дуга канцамі ўверх, з якой выходзіць чатырохканцовы крыж і якую прыпісваюць роднаму брату Барыса Рагвалода менскаму князю Глебу Усяслававічу [12. С. 20; 13. Табл. І, № 17].

Шасціканцовы крыж у Полацкім княстве вядомы з першай паловы XII ст. Ён быў выбіты на г. зв. трэцім камені полацкага князя Барыса Рагвалода і на камені ягонага сына Рагвалода Васіля (датаваны 7 мая 1171 г.) [11. С. 108, 110]. Да іх трэба дадаць і славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, зроблены майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Звычайна крыж такой формы называюць патрыяршым ці латарынгскім [10. С. 272]. Аднак Васіль Пуцко давёў, што крыж Еўфрасінні — гэта г. зв. Узвіжальны Крыж: «...тыпалагічныя адзнакі крыжа прападобнае Еўфрасіньні роўна й ягоныя памеры поўнасьцю дазваляюць уважаць яго прызначэньне як узьвіжальнага крыжа» [17. С. 13]. Сама Еўфрасіння называла яго Чэсным Крыжам: «Въ лето 6669 (1161) покладаеть Офросинья честьный кресть…» [18. С. 40; 19. С. 210]. Цікавае і сведчанне аўтара «Аповесці мінулых гадоў» пра Усяслава Полацкага пад 1068 г., калі той сядзеў у порубе ў Кіеве: «В день бо Въздвиженья Всеслав, вздохнув, рече: “О кресте честный! Понеже к тобе веровах, избави мя от рва сего”. Бог же показа силу крестную на показанье земле Русьстей, да не преступають честнаго креста, целовавше его...» [19. С. 153]. Такім чынам, Чэсны і Узвіжальны Крыж — гэта Cвяты Крыж. Звернем увагу на далейшыя словы летапісца аб яго ўласцівасцях: «Понеже велика есть сила крестная: крестомь бо побежени бывають силы бесовьскыя, крест бо князем в бранех пособить, в бранех крестом согражаеми вернии людье побеждають супостаты противныя, крест бо вскоре избавляеть от напастий призывающим его с верою. Ничтоже ся боять беси, токмо креста…» [19. С. 153].

Такім чынам, Святы Крыж з’яўляўся сымбалем перамогі над бесамі і ворагамі і меў спярша толькі рэлігійны сэнс. Аднак яго ўмоўна можна лічыць сымбалем Полацкага княства ў Х — пачатку ХІІ ст., бо ён часта выкарыстоўваўся князямі полацкае дынастыі. Адзначым, што шасціканцовы Святы Крыж быў добра вядомы ў гэты ж час і ў іншых манархіях Еўропы. Паўсюль ён меў бізантыйскі радавод і з цягам часу ператварыўся ў герб (з адметнымі дэталямі) у Венгрыі, Латарынгіі, Польшчы і ВКЛ. Для нас асабліва важна, што ў апошніх краінах заслуга яго геральдызацыі належыць Уладзіславу ІІ Ягайлу, які быў добра знаёмы з праваслаўнай культурай [ёсць усе падставы сцвярджаць, што асабісты герб польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава ІІ Ягайлы, які вядомы пад назвай Бойча: у блакітным полі залаты падвойны крыж, меў у аснове выяву менавіта Святога Крыжа (21. S. 264—265)].

На другім вечавым або рэспубліканскім (20-я ХІІ — 70-я гг. ХІV стст.) этапе на першы план у Полацкай дзяржаве выходзіць сымболіка полацкага епіскапа. Звычайна ўзмацненне ролі веча звязваюць з тым, што ў 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч выслаў полацкіх князёў Давыда, Расціслава, Святаслава і сыноў Барыса Рагвалода Усяслававічаў з жонкамі і дзецьмі ў Бізантыю [3. С. 84]. Сапраўды, гэта паспрыяла палітычнай актывізацыі ў Полацку мясцовага баярства, мяшчанаў і епіскапа. Трэба ўлічваць, што ператварэнне Полацкага княства ў феадальную вечавую рэспубліку пачалося яшчэ ў часы кіравання князя Барыса Рагвалода Усяслававіча (1101—1128). У позняй «Хроніцы Быхаўца» пра гэта згадваецца так: «І валадарачы ў Полацку, [князь Барыс] быў ласкавы да падданых сваіх, і даў ім вольнасці, і дазволіў веча мець, і ў звон званіць, а потым і самім кіраваць, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове» [23. С. 76—77; 24. С. 180] [паводле Г. Штыхава: «...Полацкую зямлю ў ХІІ—ХІІІ ст. можна лічыць княствам з абмежаванай княжацкай уладай, якое было на шляху да ператварэння ў сярэднявечную рэспубліку...» (24. С. 221)]. Ясна, што пры такім палітычным ладзе фактычным кіраўніком дзяржавы станавіўся полацкі епіскап. Гэты факт знайшоў адлюстраванне ў сфрагістыцы. Так, калі на пячатцы Міны, полацкага епіскапа ў 1105—1116 г. дамінавала выява тэзаіменнага Святога Міны, то на епіскапскай пячатцы Дыянісія († 1183 г.) была змешчана выява Багародзіцы тыпу Знаменіе [2. С. 30, 32]. Думаем, гэта было выклікана якраз падвышэннем палітычнага статусу епіскапа ў Полацку.

На замацаванне вядучай ролі епіскапа ў Полацкай дзяржаве паўплывалі і знешнепалітычныя падзеі — з’яўленне немцаў у Прыбалтыцы і разгром Рурыкавічаў мангола-татарамі ў 1238—1241 гг. Немцы, спачатку купцы і місіянеры, пазней — рыцарства і каланісты, з’яўляюцца на падуладных Полацку прыбалтыйскіх землях у канцы ХІІ ст. Ужо ў пачатку XIII ст. на землях ліваў (Лівоніі) была створана нямецкая тэакратычная дзяржава, на чале якой стаяў рыжскі біскуп Альберт. Заснаванне Рыжскага біскупства (1201—1207) і Ордэну братоў Хрыстовых («Fratres Militіae Christi») (1202—1210) пазнаёміла палачанаў не толькі з узорамі заходнееўрапейскіх палітычных сістэмаў, але з сымболікай і геральдыкай. Больш таго, нельга ігнараваць узаемаўплываў у гэтых сферах.

Сымболіка Рыжскага біскупства насіла рэлігійны характар. Паводле хронікі Генрыха Латыша, на яго сцягу была выява Багародзіцы. Так, апісваючы падзеі 1207 г. па захопу замку селаў, ён адзначыў, што абат Тэадорых і настаяцель Эгельберт: «...усталявалі ў крэпасці харугву Найсвяцейшай Марыі...», у 1208 г. «...харугва Найсвяцейшай Панны была прынесена да ліваў, летаў і тэўтонаў ва Ўнганію, а потым і да ўсіх эстаў і бліжэйшых паганскіх народаў...», а ў 1212 г. лівы, якія здаліся ў замку Дабрэла, «...паднялі харугву Найсвяцейшай Марыі...» [25. С. 101, 106, 145]. Як насамрэч выглядала гэтая харугва дае ўяўленне праца Яна Длугаша «Banderia Prutenorum» з малюнкамі Станіслава Дзюрынка (1448 г.): на белым палотнішчы «...imago sancte Marie virginis gloriose, ut hic apparet...» [26. S. 274—275]. Паводле польскага храніста такая харугва «magistri Livonie ordinis cruciferorum» была захоплена ў бітве з крыжакамі пад Дубкамі ў 1431 г. [26. S. 274]. Калі адкінуць пазней дададзены тэўтонскі чорны крыж у срэбным полі, то атрымаем згаданую вышэй Генрыхам Латышом харугву Найсвяцейшай Панны Марыі. Што да сымболікі рыцарскага Ордэна братоў Хрыстовых, то ў яе аснове ляжалі чырвоныя крыж і меч у срэбным полі: «...Тэадорых... заснаваў нейкае брацтва рыцараў Хрыстовых, якім спадар Папа Інакенці надаў статут храмаўнікоў і знак для нашэння на вопратцы — меч і крыж, загадаўшы быць у падпарадкаванні свайму біскупу...» [25. С. 70]. З-за эмблемы за імі хутка замацавалася назва Ордэну мечаносцаў ці Ордэну братоў па мячы («Schwertbruderorden») [31. С. 8]. Звяртае на сябе ўвагу перавага срэбнага і чырвонага колераў у нямецкай сымболіцы Лівоніі.

Сымболіка Полацкае дзяржавы не рознілася ад сымболікі сваіх новых суседзяў у Лівоніі, бо мела ў аснове тую ж выяву Багародзіцы. Багародзіца тыпу Знаменіе ў Полацку стала спадчыннай, бо прасочваецца пазней на пячатках полацкіх епіскапаў Якава (1309) і Грыгора (1338) [2. С. 33]. Пра тое, што менавіта яна можа прэтэндаваць на званне галоўнага сымбалю Полацкае дзяржавы ў 20-я г. ХІІ — 70-я г. ХІV ст. [спакусліва звязаць полацкую Багародзіцу з той жа выявай, але ўжо на харугве ВКЛ. Паводле аўтараў ХVІ ст. сцяг ВКЛ быў чырвоны, на адным баку з Пагоняй, а на другім — з Багародзіцай (83. С. 16). Неяк звязаны быў з гэтым і стары беларускі рэлігійны гімн Багародзіца. На жаль, праблема пераемнасці полацкіх традыцыяў у ВКЛ пакуль не даследавана. Таксама як і гісторыя сцягоў Беларусі], сведчыць факт, на які ніхто з беларускіх даследнікаў не звярнуў належнай увагі — у грамаце 1338 г. пячатка епіскапа Грыгора прывешана на першым месцы (!), перад пячаткай полацкага князя Глеба. А ў ранейшай грамаце епіскапа Якава да рыжскага біскупа прывешана толькі яго пячатка, а князь Віцень згадваецца як бы між іншым: «...с сыномъ [пры ўсіх тлумачэннях значэння слова «сын» у дачыненні да вялікага князя літоўскага Віценя, высокі палітычны статус полацкага епіскапа не выклікае сумненняў] моимъ с Витенемъ...» [29. № 3]. Відавочна, што ў першай палове ХІV ст. Полацкая дзяржава сапраўды з’яўлялася феадальна-тэакратычнай рэспублікай на чале з епіскапам [27. С. 290] [паводле расійскага гісторыка А. Рукавішнікава, Полацк ужо ў першай палове ХІІІ ст.: «з’яўляўся самакіруючай рэспублікай з яскрава выражанымі рысамі арыстакратычнага кіравання». Цыт. паводле: (24. С. 220—221). На нашу думку, вызначэнне «феадальна-тэакратычная рэспубліка» найбольш адпавядае таму палітычнаму ладу, які склаўся ў Полацку ў вызначаны час (20-я ХІІ — 70-я гг. ХІV стст.)]. Цікава, што ў ВКЛ яшчэ ў ХVІ ст. захоўвалася памяць «о Полоцкой свободности, або Венеции» [24. С. 220].

Полацкі епіскап меў свой двор, канцылярыю, пячатку, рэзідэнцыю (Святую Сафію). Пры гэтым, як можна меркаваць, па назве галоўнага храма Полацкая дзяржава неафіцыйна называлася Домам Святой Сафіі, на ўзор Ноўгарада Вялікага (таксама Дом Святой Сафіі), Пскова (Дом Святой Тройцы) [28. С. 217], Ізборска (Дом Святога Міколы) і Рыжскага біскупства (Дом Найсвяцейшай Панны Марыі [тэрмін «дом» адпавядаў адначасова паняццям: «царква» і «дзяржава». Так, у 1209 г. князь Усевалад перадаў свой горад Герцыке з прылягаючымі землямі «царкве Святой Маці Божай і Панны Марыі» (25. С. 280)]). У грамаце епіскапа Якава пра гэта згадваецца так: «былъ есмь не дома… а ныне есмь на своемь месте оу святое Софье…» [29. № 3].

У святле адзначанага вышэй, полацкіх князёў вечавага ці рэспубліканскага этапу (20-я ХІІ — 70-я гг. ХІV стст.) трэба кваліфікаваць як служылых. У сувязі з гэтым іх паходжанне магло быць розным: мясцовым, смаленскім, літоўскім — усё вызначала ўнутраная палітычная сітуацыя і міжнароднае становішча. Варта адзначыць, што ў крыніцах гэтага часу полацкія князі фігуруюць у множным ліку: «Въ то же лето (1191) ходи князь Ярослав на Лукы, позванъ полотьскою княжьею и полоцяны…» [54. С. 39—40]. Іхная сымболіка была даволі разнастайная і наўрад ці можа прэтэндаваць на званне полацкай дзяржаўнай сымболікі ў гэты час. Аднак яна заслугоўвае ўвагі, бо з яе бярэ пачаткі сымболіка Полацкай дзяржавы наступнага этапу.

У першай палове ХІІІ ст. у Полацку спаборнічаюць за ўладу з мясцовай дынастыяй смаленскія Рурыкавічы. Пасля смерці ў 1216 г. полацкага князя Уладзіміра [Э. Загарульскі лічыць яго сынам полацкага князя Васількі Святаслававіча (14. С. 15—16), а В. Насевіч — сынам полацкага князя Усяслава Васількавіча (30. С. 15)] на княжацкім пасадзе ў Полацку з’яўляюцца смаленскія князі. Паводле найноўшых беларускіх даследаванняў «...у першай чвэрці ХІІІ ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча...» [24. С. 229]. У 1229 г. ад імя апошняга быў заключаны мір і падпісана гандлёвая «Праўда» з Рыгай і Гоцкім берагам. Пры гэтым немцам рэкамендавалася: «Тая правда латинескомоу възяти оу Роускои земли оу вълъсти князя смольнеского и оу полотьского князя вълъсти и оу витьбеского князя вълъсти...» [20. С. 20—25]. Полацкім князем, верагодна, быў у той час Святаслаў Мсціслававіч са смаленскіх Рурыкавічаў. Вядома, што ў 1232 г. менавіта ён разам з палачанамі захапіў Смаленск [30. С. 15]. Будучы ўжо смаленскім князем, недзе паміж 1233 і 1240 г., ён заключыў гандлёвае пагадненне з Рыгай «...како то было при моемъ отци при Мьстиславе при Романовици а при моемь брате при Мьстиславе...» [20. С. 13, 17; 32. С. 37—38]. На дамове захавалася ягоная пячатка, дзе былі змешчаны выявы яго тэзаіменных Святых Барыса і Давыда [20. С. 16—17]. Думаем, што яе ж выкарыстоўваў Святаслаў Мсціслававіч і тады, калі быў служылым князем у Полацку.

З княжацкае сфрагістыкі гэтага перыяду варта звярнуць увагу таксама на пломбу з Полацка, дзе на адным баку была змешчана выява князя ў профіль (?) па пас з каронай на галаве (карона заходняга тыпу трохпялёсткавая каралеўская!) і рэгаліямі ў руках, а на другім — трызуб, у якім у сярэдзіне быў чатырохканцовы крыж [13. Табл. І, № 10]. Свецкі характар пломбы дазваляе датаваць яе ХІІІ ст. Як можна меркаваць з апісанняў, менавіта яе знайшлі ў пласце 1240-х гг. [16. С. 514]. Пад 1239 г. полацкім князем згадваецца Брачыслаў [паводле меркавання Э. Загарульскага, бацькам яго быў Васілька з полацкіх Святаслававічаў (14. С. 17)], дачка якога выйшла замуж за князя Аляксандра Неўскага: «Оженися князь Олександръ, сын Ярославль в Новегороде, поя в Полотьске у Брячьслава дчерь…» [14. С. 17; 54. С. 77]. Магчыма, гэта ягоная пячатка. Выглядае на тое, што яна была адной з першых свецкіх княжацкіх пячатак у Полацкай дзяржаве. Цікава, што і князь Аляксандр Неўскі таксама ўжываў пячатку свецкага тыпу, толькі конную [15. С. 69].

Пасля разгрому Рурыкавічаў мангола-татарамі ў 1238—1241 г. на полацкім княжацкім пасадзе з’яўляюцца служылыя літоўскія князі. Прычыну гэтага можна ўбачыць у імкненні палачанаў (літоўскай партыі) пазбыцца татарскай залежнасці, бо па словах летапісца: «Былі тады ўсе князі [рускія] у волі татарскай» [23. С. 45]. Ужо ў 1248 г. полацкім князем становіцца Таўцівіл, выгнаны Міндоўгам з Літвы. Ягоная пячатка невядомая, затое захавалася пячатка іншага літоўскага ўцекача — пскоўскага князя Даўмонта Цімафея. На адным яе баку была выява тэзаіменнага Святога Цімафея, на другім — шасціканцовы Святы Крыж [33. С. 118; 34. № 4. С. 22]. Як бачым, літоўскія служылыя князі на Русі пераймалі мясцовыя сфрагістычныя традыцыі.

У канцы ХІІІ ст. у Полацку і Віцебску зноў узмацняецца ўплыў смаленскіх князёў. У першым сядзеў Канстанцін Бязрукі [да смаленскіх Рурыкавічаў — як сына Расціслава Мсціслававіча — яго адносіць В. Насевіч (30. С. 54, 150). Гэта выглядае праўдападобна, бо, па-першае, ён адназначна не быў сынам Таўцівіла (таго звалі Георгіем [84. S. 73, заўвага 86]), а, па-другое, не мог быць ён і зяцем Аляксандра Неўскага, калі б паходзіў з полацкае дынастыі. Магчыма, гэта яго пячатку знайшлі ў Віцебску і Ноўгарадзе і памылкова аднеслі да ХІІ ст. Паводле І. Цішкіна, на адным яе баку была пагрудная выява Святога Канстанціна ў кароне, а на другім — «...двузубец з перакладзінай, якая злучае зубцы ва ўнутранай яго частцы...» (12. С. 20)], а ў другім — спачатку намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага [гэтым намеснікам Г. Ластоўскі лічыць апошняга віцебскага князя Яраслава Васільевіча, які ў 1318 г. выдаў сваю дачку за Альгерда Гедымінавіча (70. С. 33). Аднак, па-першае, наўрад ці намеснік мог так свабодна распараджацца княствам, па-другое, асоба Яраслава згадваецца толькі ў познім фальсіфікаце і выклікае сумнеў (84. S. 302; 85. С. 53—54)], а потым князь Міхаіл Канстанцінавіч [паводле В. Насевіча ён быў сынам полацкага князя Канстанціна Бязрука (30. С. 68)] [35. С. 64—65]. Цікава, што да вядомай дамовы 1229 г., заключанай ад імя Смаленска, Полацка і Віцебска, былі прывешаны пячаткі менавіта Фёдара Расціслававіча (Чорнага) (1280—1299) і смаленскага ўладыкі Перфірыя [20. С. 53] [пячатка Мсціслава Давыдавіча, смаленскага князя ў 1229 г., мела на сваіх баках тэзаіменных Святога Фёдара і Святых Барыса і Глеба (60. С. 21—22)]. Аналагічныя пячаткі смаленскага князя былі прывешаны да актаў з 1284 г. [20. С. 53—54, 63, 66], што сведчыць аб пацвярджэнні ім дамовы з Рыгай і Гоцкім берагам у канцы ХІІІ ст. [20. С. 54]. Для нас важна, што Полацк і Віцебск зноў выступалі тут разам са Смаленскам, бо словы пра воласці полацкага і віцебскага князёў былі захаваны ў старой грамаце.

У сувязі з гэтым, важнае значэнне набывае сымболіка смаленскіх князёў у канцы ХІІІ ст. А ў ёй адбыліся даволі істотныя змены. Так, на галоўным баку пячаткі князя Фёдара Расціслававіча была змешчана выява лява (леапарда), які ідзе [33. С. 39], а на адвароце — надпіс: «ВЕЛ[и]КОГО КНЯЗ[я] ФЕОДО[ра] ПЕЧ[ать]» [20. С. 53, 63, 66]. Гэта быў ужо новы тып княжацкай пячаткі, дзе выразна бачацца ўплывы заходняй геральдыкі. Паводле А. Лакіера: «Форма льва с расправленными когтями, положение его хвоста, пригнутого к спине, заставляет подозревать иностранное происхождение этой эмблемы» [33. С. 71]. Цікава, што князь Аляксандр Глебавіч, які ў 1297 г. «взя лестью княжение смоленское», карыстаўся пячаткай старога тыпу з выявамі тэзаіменных Святых Аляксандра (коннага) і Глеба (пешага) [20. С. 56, 69]. Ён прыходзіўся пляменнікам згаданаму Фёдару Чорнаму, а ягоны бацька — Глеб Расціслававіч княжыў у Смаленску ў 1270—1277 гг. і карыстаўся пячаткай таксама з тэзаіменнымі Святымі Глебам і Барысам (пешымі) [20. С. 59]. Такім чынам, можна меркаваць, што менавіта князь Фёдар Расціслававіч быў ініцыятарам увядзення новай эмблемы і стварэння для сябе пячаткі такога тыпу. Мабыць, гэта было звязана з афармленнем тытулу вялікага князя смаленскага, які быў ужыты на адваротным яе баку. Пастава лява на ягонай пячатцы сапраўды сведчыць пра заходнія (дацкія ці нямецкія) геральдычныя ўплывы, але адсутнасць тарчы не дазваляе яшчэ гаварыць пра згаданую выяву як пра герб. Гэта была яшчэ дагербавая выява, патэнцыйна гатовая для ператварэння ў герб.

Звернем увагу таксама і на тое, што змяніўся тып пячаткі смаленскіх епіскапаў. Калі ў папярэднікаў уладыкі Перфірыя на пячатках была змешчана выява Багародзіцы Знаменіе [60. С. 21, мал. 2], то ў яго мы бачым толькі вербальныя формулы: «ВЛ[а]Д[ы]КЪ [С]МОЛЕН[ь]СКО[го]», а на адвароце: «П[е]ЧАТ[ь] ПЕРЬФ[ирия]» [20. С. 53]. Думаем, што гэта было не выпадкова. Змена тыпу пячаткі, а таксама яе месца на дакуменце за княжацкай пячаткай добра сведчыць пра высокі, але другасны статус епіскапа ў Вялікім Княстве Смаленскім (ВКС).

На працягу першай паловы ХІV ст. літоўскія князі Гедымінавічы канчаткова замяняюць смаленскіх Рурыкавічаў у Полацку і Віцебску. Адбывалася гэта не на падставе канфліктаў, а праз збліжэнне дзвюх дынастыяў. Мы нават дапускаем думку, што ў Полацкай дзяржаве быў перыяд (сярэдзіна ХІІІ — 20-я гг. ХІV ст.), калі існавала паралельная літоўска-смаленская служылая княжацкая сістэма [87. С. 124]. Аднак недзе ў канцы 30-х гг. ХІV ст. пры вялікім князі літоўскім і рускім Гедыміне яна была разбурана. Так, у 1338 г. у Полацку служылым князем быў ягоны сын Нарымонт Глеб. На ўжо згаданай вышэй грамаце з 1338 г. захавалася ягоная пячатка, дзе на адным баку была змешчана выява вершніка з мечам, а на другім — надпіс: «ПЕЧАТЬ КНЯЖА ГЛЕБОВА» [2. С. 33]. Важна тое, што згаданы вершнік не нёс ніякай полацкай агульнадзяржаўнай ідэі — гэта была ўласная дагербавая эмблема князя [нягледзячы на вялікі ўплыў Гедыміна ў Полацку, апошні захоўваў свой суверэнітэт. Пра гэта сведчыць тое, як ён падзяліў ВКЛ паміж сваімі сынамі. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, Гедымін вылучыў са сваіх земляў Віленскі, Троцкі, Кернаўскі, Слонімскі, Пінскі, Крэўскі, Наваградскі ўдзелы, пры гэтым асобна падаюцца Жамойцкая, Віцебская і Валынская землі (23. С. 93), а пра Полацк няма і згадкі. У такой сітуацыі выява вершніка на пячатцы полацкага князя Глеба магла быць толькі яго ўласнай эмблемай. Цікава, што розныя даследнікі трактуюць яе або як выяву яго тэзаіменнага Святога Глеба, або як Святога Юр’я, або як прататып гербу Пагоня (15. С. 85; 88. С. 15). На нашу думку, наколькі дазваляе меркаваць якасць ілюстрацыйнага матэрыялу, была гэта свецкая конная выява самога князя Нарымонта Глеба, г. зв. партрэтная пячатка, пра што сведчыць надпіс на адвароце. Блізкі да яе тып выкарыстоўваў унук Гедыміна Карыбут Дзмітры Альгердавіч (1386) (56. С. 237, мал. 1)]. У Віцебску ж, у тым жа годзе, князем быў другі сын Гедыміна Альгерд. Ягонае ўладкаванне там адбывалася на іншых падставах. Як сведчыць «Хроніка Быхаўца», «...князь віцебскі сыноў не меў, толькі дачку, і ён аддаў яе за Альгерда і прыняў яго ў зямлю Віцебскую» [23. С. 93]. Як выглядала ягоная пячатка ў святле найноўшых даследаванняў літоўскага даследніка Э. Рымшы — невядома [69. S. 215].

Адзначым таксама, што ў тым жа 1338 г. вялікі князь смаленскі Іван Аляксандравіч, унук Глебаў, пацвердзіў дагавор з Рыгай «по деда своего докончанью и по старым грамотам докончал есмь по тому докончанью како то брат мой старейший Кедименъ докончалъ и его дети Глебъ и Алкердъ…» [20. С. 69—70]. Гэты запіс, па-першае, тлумачыць, чаму знікаюць смаленскія князі ў Полацку (перавага ВКЛ над ВКС тут відавочная), па-другое, красамоўна сведчыць аб палітычным хаўрусе ВКЛ і ВКС, які склаўся раней — недзе ў 20-я г. ХІV ст., бо ўжо ў 1326 г. сярод паслоў Гедыміна ў Ноўгарад Вялікі згадваецца князь Фёдар Святаслававіч — сын князя мажайскага Святаслава Глебавіча, унук смаленскага князя Глеба Расціслававіча. Паводле расейскага даследніка В. Яніна, хаўрус гэты адкрываў Гедымінавічам шлях на княжацкія кармленні ў Наўгародскай зямлі, якія раней належалі смаленскім князям. Першым жа літоўскім князем у Ноўгарадзе Вялікім быў усё той жа Нарымонт Глеб Гедымінавіч [52. С. 56—57]!

З усяе сымболікі князёў тым ці іншым чынам звязаных са Смаленскам, Полацкам і Віцебскам звяртае на сябе ўвагу геральдызаваная выява лява, бо менавіта ў ёй была закладзена новая (заходняя) ідэя сымбалічнай прэзентацыі дзяржавы. Сама выява была вядома ў розных рускіх землях здаўна і карысталася вялікай папулярнасцю. Пра гэта сведчаць шматлікія помнікі матэрыяльнай культуры ХІІ—ХІІІ стст. Упершыню ж выява лява на шчыце фіксуецца ва Уладзіміра-Суздальскім княстве ў 1234 г. на фасадзе царквы Святога Георгія ў Юр’еве Польскім. Расейскі даследнік А. Сілаеў лічыць нават, што гэты леў «являет собой именно герб Владимирской державы» [36. С. 56—58], аднак гаварыць пра гербы на Русі ў першай палове ХІІІ ст. заўчасна. Выява на шчыце была змешчана таксама на мініятуры з «Фёдараўскага Евангелія» (1321—1327), якое прыпісваецца яраслаўскаму князю Васілю Давыдавічу Грозныя Вочы, унуку ўжо вядомага нам смаленскага князя Фёдара Расціслававіча [36. С. 72—73], што можа сведчыць пра спадчыннасць сымбалю.

Паводле ўкраінскага геральдыста Андрэя Грэчылы, выява лява пасля 1253 г. была ўведзена каралём Данілам Раманавічам і ў Галіцка-Валынскай дзяржаве [37. S. 125]. Праўда, на вядомых пячатках галіцка-валынскіх князёў леў фіксуецца пазней. Так, на пячатцы ананімнага князя, прывешанай да граматы з 1316 г., на яе галоўным баку стаіць рыцар з дзідай у левай руцэ, які правай рукой абапіраецца на тарчу, а на адваротным — выява «...лява, скіраванага ўправа ад гледача» [38. Nr 6. S. 101—103]. На другой пячатцы Юр’я, караля Русі і князя Уладзімірскага, прывешанай да актаў з 1316, 1325, 1327, 1334 і 1335 гг., на галоўным баку была выява караля на стальцы з каронай на галаве і з ляскай у правай руцэ, надпіс у атоку: «+ S’[igillum] · DOMINI · GEORGI · REGIS · RUSIE», а на адваротным — рыцар збройны на кані са сцяжком у правай руцэ, левай рукой трымае «...трохкутную тарчу з выявай лява», надпіс у атоку: «+ S’ · DOMINI · GEORGI · DUCIS · LADIMERIE» [38. Nr 7. S. 127—128]. Даследнікі лічаць, што г. зв. ананімная пячатка магла належаць Ляву Юр’евічу, а другая — ягонаму бацьку Юрыю Львовічу [38. Nr 6. S. 103; Nr 7. S. 129]. Аднак, калі ўлічыць, што і першая, і другая пячаткі прывешаны разам да дакументу з 1316 г., а сам ён быў выдадзены ад імя Андрэя і Лява Юр’евічаў з-за іх малога ўзросту [40. S. 250, заўвага 1025], то атрыбутацыя пячатак будзе іншая. Першая «ананімная» належала дзеду братоў князю Ляву Данілавічу († 1299/1300 г.) [вядомы таксама згадкі пра яго пячатку з «Зубам» — княжацкім знакам-кляйном (62. С. 32)], а другая — іхнаму бацьку князю Юр’ю Львовічу († 1308 г.) [38. Nr 6. S. 103]. Пасля смерці апошніх Раманавічаў другая пячатка ад Андрэя перайшла ў спадчыну і выкарыстоўвалася галіцка-валынскім князем Баляславам Юр’ем Трайдзенавічам з мазавецкіх Пястаў [38. Nr 6. S. 104]. Пасля смерці апошняга без нашчадкаў Галіцка-Валынскае княства было падзелена паміж Польшчай, Венгрыяй і ВКЛ, пры гэтым выява лява выкарыстоўвалася на «рускіх манетах», бітых у Львове ў 50—70-я гг. ХІV ст. польскімі і венгерскімі каралямі Казімерам Вялікім і Людвікам Андэгавенам, а таксама з 1372 г. — Уладзіславам Апольскім [21. S. 204; 37. S. 124; 90. S. 230—231]. Герб з выявай узнятага лява быў змешчаны і на маестатавай (троннай) пячатцы апошняга з тытулам князя Апольскага, Вялюньскага і Рускага (1372—1378) [89].



Subscribe

  • Гербы на літару Я.

    Герб Ястрабец Герб Ясеньчык Герб прыналежыў родам: Абуховіч, Абухоўскі, Анісовіч, Асавецкі, Багурскі, Бельскі, Бурскі,…

  • Гербы на літары Т - Ю.

    Герб Юноша Герб прыналежыў родам: Амяцінскі, Аранскі, Арлоўскі, Банькоўскі, Баран, Баранцэвіч, Барановіч, Бараноўскі, Баркоўскі,…

  • Гербы на літары Р, С

    Герб Сыракомля Герб прыналежыў родам: Адорскі, Андраноўскі, Андрушкевіч, Асоска, Банькоўскі, Барайовіч, Бейнар, Бічэўскі, Булгак,…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments